Беларуская праграма ХІ Нефільтраванага Кіно

Падводзячы вынік падрыхтоўцы беларускай праграмы 2025 года для Nefiltravanae Kino, хочацца адзначыць, што не ўсе фільмы, якія мы палічылі вартымі ўвайшлі ў гэтую праграму. Працягласць праграмы звычайна абмяжоўваецца працягласцю сеансу кінапаказу. Гэты раз не стаў выключэннем. Час тут стаў фактарам, які наводзіць на разважанне не толькі аб незалежным беларускім кінематографе, але і сусветным у цэлым. Час абмяжоўвае, але час можа і адчыняць новыя магчымасці. Час можа запавольвацца і паскарацца не толькі фізічна, але і ў кіно. Сёння сродкі перадачы кінавобразаў як ніколі лаканічныя і змястоўныя. І ў гэтай гонцы хуткасцяў кінаіндустрыя фактычна змагаецца за сваё выжыванне. Не тое каб нас хваляваў лёс пракатнага кіно і масавай культуры ў цэлым, хутчэй мы гаворым аб месцы чалавека, праблеме аўтара ў сучасных спакладаных лічбавых рэаліях.

Паспець беларускім аўтарам у гэтых звышхуткасцях на высокіх інвестыцыйных стаўках за сусветнай кінаіндустрыяй ва ўмовах адсутнасці здаровай канкурэнцыі ў дзяржаўным фінансаванні і фактычнага сістэмна-інстытуцыйнага краху становіцца нерэальна. Адкрываючы прыём заявак, мы ўжо казалі аб самабытнасці як нашым магчыма адзіным шанцы парадыгмальнага перавызначэння наратываў у кіно, ухіленні ўнутранай татальнасці. Адным з вядомых нам прыкладаў пошукаў у спробе разбурэння праекцый дамінуючых структур, магла б стаць творчасць Юрыя Сямашкі (неаднаразовага ўдзельніка і пераможцы Nefiltravanae Kino, наступнае заслужанае яго прызнанне на Берлінале не пра гэта, можна сказаць, наадварот), калі маргінальнасць набывае голас і разбурае бінарнасць цэнтра і перыферыі. Напрыклад, намёк такой перспектывы, змяшчаецца ў працы «Калі я быў генерал».

Гэтага ж кірунку абяцала стаць дакументальная гісторыя пра Івіца Чуляка (Satan Panonski), аўтар — George Zhuzikasio Ali, але яна для нас аказалася недастатковай без пераасэнсавання творчасці Satan Panonski ў кантэксце істотных цывілізацыйных і рэгіянальных зломаў праз 30 гадоў.

Такім чынам сёлета нам прыйшлося пакінуць пакуль «за бортам» цікавыя працы і аўтараў, пра некаторыя хацелася б згадаць асобна. У гэтым немалаважную ролю адыгралі такія фактары, як ужо знаходжанне фільма ў свабодным публічным доступе, невыкананне патрабавання прэм’ернасці ці банальная пагроза крымінальнага пераследу, паколькі частка нашай каманды застаецца ў Беларусі. Да таго ж на гэты раз мы аддавалі перавагу яшчэ не пачутым галасам, якія не былі заўважаны іншымі фестывалямі ці кінафорумамі. Пачнём не па алфавіце.

Калі вы не верыце, што можна быць прыкаваным да драматычных хадоў плоскіх шахматных фігур, можна паглядзець шахматны хорар «Цугцванг» Івана Пракаповіча (2024, 27 хв). Таксама не можа пакінуць абыякавым гісторыя расказаная бабай Нінай у кранальным дакументальным фільме “Хустка” Анжалікі Раманюк (2024, 12 хв), калі падчас Другой сусветнай вайны трохгадовая Ніна аказваецца ў нямецкім канцлагеры, дзе яе адносяць да ліку хворых, якіх прызначана спаліць на наступны дзень. Але яе сямігадовы брат Коля вырашае рызыкнуць усім, каб выратаваць сястру, нягледзячы на небяспеку.

Таксама мы працягваем сачыць за творчасцю такіх таленавітых і шматабяцаючых аўтараў як Соні Харытончык. “Кут чужога шчасця” (2024, 18 хв), Васільчук Вікторыі “Піўная разня” (2024, 17 хв), Анастасіі Ратамаскай “Сінаптыкі” (2024, 11 хв), Паліны Рамашка “Прама і па коле” (2024, 4 хв), Сяргея Белаокі “Crack” (2024, 2 хв) і інш.