Гісторыя кінематографа перапоўнена мерцвякамі з высокім рынкавым коштам…
Гі Дэбор “За і супраць кінематографа”
Асноўнай ідэяй фестывалю Нефільтраванага кіно з’яўляецца вера ў тое, што ўсведамленне фільтраў у сферы экранных выказванняў і медыйных зносін дае магчымасць вызваліцца ад залішняй апекі, пасярэдніцтва і маніпуляцый у чалавечай камунікацыі. Тым часам фестываль не адмаўляецца поўнасцю ад фільтраў, але ставіць пытанне аб тым, дзе, кім і чаму яны ўсталёўваюцца. Фестываль надае ўвагу ўнутраным фільтрам або самацэнзуры.
На першы план выстаўляецца не фестываль як індустрыяльна-рынкавая ці ідэялагічная інстытуцыя, функцыя якой пазначыць, які фільм, рэжысёр вартыя кіназнаўчых альманахаў і інвестыцый. Для фестывалю на першым плане знаходзіцца суб’ектаздольнасць аўтара і глядача.
Тым не менш, фестываль прадугледжвае конкурсную праграму, журы адбірае лепшы фільм кожнай секцыі, уручаюцца ўзнагароды і раздаюцца лаўровыя галіны. Атрыбуты селебрыці выкарыстоўваюцца для таго, каб падтрымаць і аддаць даніну павагі таленту, творчай працы ўдзельнікаў фестывалю.